ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ
(Gottfried von Strassburg; ?, г. Страсбур, Францыя — каля 1210),
нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англанармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.Вагнера.
Тв.:
Рус. пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.
Літ.:
Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)